Дыялагавая пляцоўка «Кнігі нашых продкаў»
17 лютага 2025 г. на факультэце дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Вікенцьеўна Паляшчук і вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка – прачыталі інтэрактыўную навукова-папулярную лекцыю «Кнігі нашых продкаў», скіраваную на азнаямленне студэнтаў з нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчынай. Падобныя сустрэчы ўжо сталі добрай традыцыяй. Вучоныя-лінгвісты не першы раз выступаюць перад студэнтамі факультэта па запрашэнні Фінькевіч Людмілы Уладзіміраўны, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта, дацэнта кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі.
Падчас свайго выступлення Наталля Вікенцьеўна Паляшчук гаварыла аб асаблівасцях ужывання кірылічных літар у беларускіх рукапісах і старадруках, расказала цікавыя факты з гісторыі напісання розных графем, разгледзела спецыфіку афармлення літар кірыліцы з лікавым значэннем, напісання слоў пад цітлай, адзначыла змяненні, якія адбыліся ў кірылічнай сістэме пісьма да нашых дзён. Асобная ўвага была нададзена тром распаўсюджаным у старажытнасці тыпам пісьма – уставу, паўуставу і скорапісу, а таксама паказаны копіі старонак тэкстаў, напісаных з іх выкарыстаннем.
Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка пазнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння і бытавання кнігі на беларускіх землях, паказала фота аркушаў Тураўскага Евангелля ХІІ ст., Аршанскага Евангелля ХІІІ ст. і Слуцкага Евангелля ХVI ст., “Граматыкі” Лаўрэнція Зізанія 1596 г. Падрабязна Э.В. Ярмоленка спынілася на жанрава-стылявой прыналежнасці старабеларускіх помнікаў і расказала аб некаторых асаблівасцях помнікаў дзелавога зместу (“Трыбунал абывацелям ВКЛ”, “Статут ВКЛ” 1588 г. і інш.), рэлігійных тэкстаў (выданні Францыска Скарыны і інш.) і свецка-мастацкіх твораў (“Александрыя”, Баркалабаўскі летапіс і інш.).
Закончылася сустрэча адказамі на падрыхтаваныя вучоным пытанні па тэме сустрэчы.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя